мы ўжо з зімы не кормімся, вось мой расповед пра адлучэнне, які я напісала на трэці дзень пасля апошняга кармлення.
Я і не ўяўляла, што малыха так спакойна ўспрыме новы лад стасункаў з мамай і новы сон. А што гэта адбудзецца за адну ноч, я і падумаць не магла.
Не, я за пару тыдняў да часу ікс карміла яе толькі на сон і ноччу, тлумачыла, што чым большая яна, тым менш у мамы малачка. Яна пагаджалася і задавольвалася вадой ці кніжкай. А ўласна ў нядзелю зранку я апошні раз яе пакарміла і ўсё, з таго часу ні кроплі. Я вельмі баялася, як яно пройдзе, думала, буду насіць яе ўсю ноч і калыхаць, нават адлучэнне спланавала на час Сашкавага адпачынку, каб змагацца разам...
А тут у нядзелю надвячоркам я заматала Ульяшку ў слінг і паўгадзіны спявала калыханкі - не дапамагло. Тады мы леглі, я ёй расказала, што ў мяне зусім ужо скончылася малачко, што Уля вырасла і цяпер будзе піць малачко Мамы Му (кароўкі), пасля мы пачыталі кніжку пра Маму Му, выключылі святло і заснулі пад Дзеда Барадзеда.
У гэтую ноч яна прачыналася апоўначы і а шостай раніцы, я падхоплівалася, але было не варта. Досыць было шаптаць Дзеда Барадзеда - і ўсё, яна засынала.
Цяпер ужо дзве ночы запар спіць з вечара і да васьмі не прачынаючыся.
Я заўважыла, што Уля гатовая да адлучэння, у паўтара гады. Але я была не гатовая, баялася стрэсу, істэрык, зменаў. Папросту не магла сабраць волю ў кулак. Але тут у мяне пачало кульгаць здароўе, я схуднела і перастала высыпацца праз начныя зацяжныя кармленні і вось так выспела рашэнне адлучыцца.
Цяпер я гэтак жа адчуваю, што Уля гатовая ў садок, як адчувала, калі настаў час мне перасесці на першае сядзенне машыны, спакойна гуляць з ёй за ручку і г.д. І адчуваю гэта толькі я адна. Але садок, мяркую, у нас пойдзе куды цяжэй, чым адлучэнне. Учора была на бацькоўскім сходзе ў садку, куды нам далі накіраванне. Было ўсё міла і душэўна, нават кранальна, я ледзь не расплакалася, як плачуць на выпускным і вяселлі сваіх дзяцей. Ну, натуральна, гэта першы сур'ёзны этап у жыцці нашых малютак, і першае ўсведамленне, што дачка вырасла.