Мяркуючы па актыўнасці тэмы, Эстонія - не самы папулярны напрамак вандровак беларусаў.)
Але мы такі даехалі і датуль. )
Напішу колькі словаў.
Ехалі не наўмысна ў Эстонію, а ў складзе аўтавандроўкі па краінах Прыбалтыкі. З мэтай праехацца, паглядзець, пазнаёміцца хаця б звонку.
Былі ў Таліне і Тарту.
Талін, стары горад нечым падобны на Рыгу, дый, напэўна, не толькі на Рыгу, на ўсе сярэднявечныя еўрапейскія гарады.) Дакладней, сучасныя, але з захаванай забудовай тых часоў. У адрозненне ад Рыгі, стары горад болей кампактны ці што і месціцца на ўзвышшы і яго тэрыторыяй і абмежаваны.
Асноўныя славутасці пазначаны на кожнай турысцкай мапе, якую можна атрымаць у інфармацыйным цэнтры, што ў старым горадзе і знаходзіцца. Гэта ратушная плошча і Ратуша, Домскі сабор, дзе час ад часу грае арган і яго свабодна можна паслухаць, замак Тоомпея, дзе ў сучасны момант месціцца эстонскі ўрад, царква Алівістэ з самай высокай у Таліна вежай, на якой уладкаваная аглядная пляцоўка і на якую за 2 еўра можна падняцца і паглядзець на Талін і Балтыку з вышыні птушынага палёту (вышыня пляцоўкі 30 метраў, плюс сама царква знаходзіцца на ўзвышшы). Таксама можна паглядзець вежы і сцены старажытнага Таліна, наведаць мясцовыя музейныя экспазіцыі і пастаяць палюбавацца відамі на аглядных пляцоўках.
У старым горадзе час ад часу ладзяцца мясцовыя святы. Мы, прыкладам, трапілі на дзень (свята) аднаго з эстонскіх рэгіёнаў: ратушная плошча была запоўненая тамтэйшымі майстрамі і вытворцамі, а на змантаванай на плошчы сцэне выступалі тамтэйшыя мастацкія калектывы.
Адной з найбольш вядомых частак Таліна ёсць раён Кадрыорг з аднайменным паркам і Кацярынінскім палацам у ім. Прагулка там нікога не пакіне абыякавым. ) Зеляніна векавых дубоў, надзвычайнай прыгажосці клумбы, разбітыя перад палацам, сам палац, вартыя увагі і затрачанага на іх агляд часу.)
Будзьце ўважлівыя ў Таліне, вандруючы машынай.) Мясцовая адметнасць (уласна, не толькі мясцовая, а ўвогуле прыбалтыйская) - гэта платныя паркоўкі каля супермаркетаў, прычым без усялякай бачнай інфармацыі на гэты конт (маю на ўвазе адпаведныя знакі ці іншую інфармацыю). Мы прыпаркаваліся недалёка ад старога горада каля аднаго з супермаркетаў, прычым без усялякай задняй думкі, падумалі, што пройдземся да старога горада, бо не факт, што там зможам кінуць машыну. Пайшлі гуляць, вярнуўшыся, зайшлі ў гэты самы супермаркет, каб купіць таго-сяго, і тут чуем абвестку ў супермаркеце: "нагадваем, што паркоўка платная, але для наведвальнікаў крамы першы час бясплатна". А наша-то машына гадзіны тры агулам стаяла. Ёпрст, прыходзім да машыны, на шкле - пісуля. Штраф.
Крыўдна. Потым ужо ўбачылі далёка ўбаку зусім незаўважны паркамат. То бок мы, аказваецца, мусілі даследаваць кожны кавалак тэрыторыі вакол месца паркоўкі на прадмет наяўнасці паркамата (пры адсутнасці знакаў платнай паркоўкі! нагадваю), кінуць машыну, праз гадзіну вярнуцца, аплаціць колькі гадзін паркоўкі, а потым ісці гуляць далей. ) Па шчырасці, мы на штраф забілі.
І яшчэ адметнасць менавіта Таліна, яго цэнтра – заблытаныя дарогі, мора аднабаковага руху, куча забароненых паваротаў налева. Плюс там-сям перакрытыя вулачкі праз рамонт. Навігатар метаўся не меней за нашае.)))))
Тарту. Невялікі горад з традыцыйнай старой часткай у цэнтры. Са славутасцяў можна адзначыць царкву св. Яна ( цікавая невялікімі тэракотавымі фігуркамі па перыметры будынка, часткова яны разбурыліся з цягам часу, але частка захавалася) і так званым падаючым домам. Нібыта падчас будаўніцтва штосьці было няўлічана і будынак ад самога пачатку свайго існавання мае крэн убок, добра бачны візуальна.)
Тарту таксама славіцца сваім навукова-забаўляльным дзіцячым цэнтрам АННАА.(АХХА). Туды часта возяць дзіцячыя экскурсіі. Унутры можна за 5 еўра з дарослага і 3,5 еўра з дзіцяці выдатна паабедаць (шведскі стол).
Для сем'яў з дзецьмі (2+1, 2+2) пры наведванні цэнтра прадугледжаныя зніжкі.