Бывае, што аўтары нібыта забываюць, што спажыўцы беларускамоўнай рэкламы жывуць тут і цяпер, што гэта не Купала з Коласам і не Еўфрасіння Полацкая, а звычайны маладзён у джынсах з актуальным смартфонам, сучасная бізнэс-вумэн ці менеджэр сярэдняга звяна з марамі зганяць на выхадныя ў Вільню ці зняць домік ля Нарачы. Рэкламісты часцяком падсвядома трапляюць у палон стэрэатыпаў і ствараюць кампаніі па-беларуску як даніну гісторыі: з арнаментамі, гравюрамі ды іншымі відавочнымі візуалізацыямі. Альбо грашаць залішняй сур’ёзнасцю і нават пафасам. У той жа час беларускамоўная рэклама можа быць дасціпнай, дзёрзкай ці правакацыйнай.