З Рускага ПЭН-цэнтру ў канцы снежня мінулага года быў выключаны журналіст Сяргей Пархоменка. Яго выключэнне выклікала абурэнне шэрагу пісьменнікаў і літаратараў, некаторыя паказальна сышлі з суполкі. Далучылася да іх і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Справа ў тым, што зневажаюцца ўсе ідэалы заснавальнікаў ПЭНа. Канфлікт з Пархоменкам адбыўся з-за таго, што не першы раз ужо Рускі ПЭН адмаўляецца падпісваць лісты ў абарону людзей, які пакутуюць ад пуцінскай улады, — распавяла «Нашай Ніве» сама Алексіевіч. — І вось цяпер канкрэтна быў выпадак з рэжысёрам Сянцовым, які адбывае тэрмін… Ізноў ПЭН дэклараваў, што гэта не справа пісьменнікаў — кагосьці абараняць, штосьці адстойваць, справа пісьменнікаў сядзець ціхенька і пісаць — то бок, шчыра сказаўшы, аблізваць боты ўлады.
Мяне доўга прасілі не сыходзіць, бо і так дзясяткі годных людзей сышлі [з Рускага ПЭНа]: Уліцкая, Вайновіч, іншыя. Я заставалася, бо людзі прагрэсіўныя спадзяваліся, што ўдасца выстаяць у гэтай барацьбе, што «цёмная» частка не пераможа. Але не ўдалося.
І я не маю падстаў больш удзельнічаць у гэтай гульні.
У знак пратэсту да выключэння Пархоменкі з ПЭН-цэнтра сышлі пісьменнікі Барыс Акунін і Аляксандр Ілічэўскі, паэт Леў Рубінштэйн. Дарэчы, услед за Алексіевіч рускі ПЭН пакінула і паэтка Вольга Седакова, якая нядаўна прымала ўдзел у мінскім паседжанні інтэлектуальнага клуба беларускай пісьменніцы.
«Рускі ПЭН-цэнтр» быў утвораны ў 1989 годзе. Правобразам паслужыў «ПЭН-клуб» (PEN International) — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая аб'ядноўвае прафесійных пісьменнікаў і створаная ў 1921 годзе ў Лондане.