Перашкода для віруса
У прэс-службе МАРГ карэспандэнту «Р» распавялі, што рэкамендацыі па мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання COVID-19 дапрацавалі, зыходзячы з эпідэміялагічнай абстаноўкі і прапаноў Міністэрства аховы здароўя. Яны, дарэчы, узгоднены з медыкамі і 29 мая адобраны на пасяджэнні калегіі МАРГ.
— Абноўленыя рэкамендацыі можна знайсці на сайце МАРГ у падраздзелах «Рэгуляванне гандлю» і «Рэгуляванне грамадскага харчавання» раздзела «Дзейнасць». Юрыдычным асобам і ІП, якія працуюць у галіне гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, раім уважліва ставіцца да бяспекі сваіх супрацоўнікаў. Напрыклад, кожны дзень праводзіць апытанне аб стане іх здароўя, забяспечыць усіх сродкамі індывідуальнай абароны, дэзынфектарамі для апрацоўкі рук, а таксама дадаткова выдаць пальчаткі тым, хто адпускае харчовыя прадукты і працуе з касавым апаратам.
Некаторыя рэкамендацыі датычаць і бяспекі спажыўцоў. МАРГ раіць усе харчовыя прадукты прадаваць ва ўпакаваным выглядзе, рэгулярна праветрываць памяшканні, арганізаваць вільготную ўборку і дэзынфіцыраваць прадметы, якія выкарыстоўваюцца часта. Таксама ў Міністэрстве раяць нанесці спецыяльную разметку для дыстанцыявання пакупнікоў ля кас і па магчымасці ўсталяваць перад касамі ахоўныя экраны.
— Кіраўнікам раім кантраляваць выкарыстанне работнікамі індывідуальных сродкаў абароны і дэзынфектараў, а таксама пальчатак — супрацоўнікамі тых аддзелаў, дзе рэалізуюць харчовыя тавары, касірамі ў гандлёвых аб’ектах, у якіх рэалізуюцца нехарчовыя тавары, — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства. Там жа звярнулі ўвагу, што па нормах дзеючага заканадаўства гэтыя рэкамендацыі не носяць абавязковага характару. Аднак МАРГ разлічвае на высокі ўзровень культуры, сацыяльнай адказнасці і разуменне бізнес-супольнасці.
Сродкі індывідуальнай абароны павінны быць у кожнага супрацоўніка.
Падышлі адказна
Дарэчы, раней МАРГ ужо распрацоўвала «Патрабаванні да правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў у перыяд рэгістрацыі выпадкаў інфекцыі COVID-19». Згодна з імі на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання кожную змену павінна праводзіцца вільготная ўборка санітарна-бытавых памяшканняў з выкарыстаннем дэзынфектараў. Кіраўніцтва магазінаў, кафэ, рэстаранаў таксама абавязана забяспечыць сродкамі індывідуальнай абароны ўсіх работнікаў, якія непасрэдна кантактуюць з людзьмі. Гэтыя ж правілы датычаць і арганізацый сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва.
— Варта адзначыць, што многія гандлёвыя аб’екты ўжо прытрымліваюцца прапісаных МАРГ рэкамендацый. Мы звяртаем увагу, што наш бізнес і гандаль вельмі сацыяльна адказна падыходзяць да пытання прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, — рэзюмавала Вольга Галота, прэс-сакратар МАРГ.
Источник: sb.by