Ужо больш за тыдзень, як у нас нарадзілася дачушка. Саспела я расповед напісаць. Гэта была мая трэцяя цяжарнасць і роды. Хадзіць я збіралася доўга, як і папярэднія разы (і сын, і дачка старэйшыя нараджаліся на 42ім тыдні), але паціху ўсё ж марыла, што паспею ў 2012 годзе ☺ Хаця памятала словы Шродара на угд у 20 тыдняў, што я павінна нарадзіць да 8га студзеня, бо 8га ўжо 42 поўных тыдні і ціпа гэта край. Калі пачаўся год новы, я паглядзела, што маладзік 10га і стала рыхтавацца. Мне падавалася, што ўсе справы зробленыя, але ніяк я не магла фотасесію зладзіць – то хварэла ў снежні, то ў сяброўкі-фатографа машына зламалася, то фотаздымач.... А ў мінулы раз перад родамі Маі выпадкова так атрымалася, што фотасесію зладзілі за 4 дні да родаў, а за пару дзён я была ў акушэркі, з якой тады нараджала. Трэба было паўтарыць рытуалы, бо неяк надакучыла ўжо так доўга хадзіць. Паехала на апошні аплочаны абанементам занятак ёгі, дамовілася заскочыць да акушэркі пасля, патэлефоніла Каці, а яна 6га якраз можа прыехаць пафатаграфаваць... усё складвалася ☺ Мне яшчэ карцела глінтвейну выпіць з сяброўкай лепшай – 6га пасля фотасесіі такі наварылі смачненькага ды міла пасядзелі паразмаўлялі. Думала яшчэ, калі не нараджаю, то можа з’ездзіць да свёкраў на вячэру калядную 7га, ды нешта перадумала, бо трэніровачныя схопкі мне спаць ужо перашкаджалі апошнія пару тыдняў, а тут зусім інтэнсіўныя сталі. То гэты дзень адпачывалі па сямейнаму праводзілі. Я яшчэ паехала ў горад забрала замоўленую для дзетак валяную казку зімовую і сушы купіла, каб есці не гатаваць. Адчувала, што ўжо блізка, бо корак пачаў адыходзіць.
Калі дзеці спаць палеглі, трэніровачныя схопачкі пачалі набываць нейкую рэгулярнасць. Я падышла да мужа, які працаваў за кампом, і папрасіла павялічыць ацяпленне ў хаце ды ісці класціся спаць, бо заўтра, відаць, народзім ☺ Муж абрадваўся і пайшлі мы спаць. А 4ай я такі прачнулася, бо схопкі не атрымоўвалася ў сне пражываць, паляжала яшчэ крыху, пайшла ў другі пакой – трэба было шалікі снегавікам з зімовай казкі паспець звязаць. Да 7 раніцы я іх скончыла, пару разоў падыходзячы да дачкі, каб даць пасмактаць. Схопкі былі кожныя хвілін 5-7. Яшчэ гадзіны паўтары хадзіла па пакоі, то апіраючыся на свае калені, то на мячык, прадыхвала схопкі. Назірала, як прыгожа світае над вёскай... Потым прачнуліся дзеці, павіталіся, даведаліся, што сёння сястрычка народзіцца ☺ Я папрасіла мужа ванну памыць і наліць, бо хацелася крыху адпачынку. Паляжала-памедытавала, але арганізм чысціўся, даводзілася часта вылязаць у прыбіральню. Пайшла наверх у спальню вісець на спартыўным куточку, схопачкі ўжо мацней і мацней былі. Цікава, што дапамагала вельмі ў гэты раз гудзець ууууууу і падцягваць хвасцец на сябе. Дзеці некалькі разоў прыходзілі вельмі ўдала паміж схопкамі і пыталіся ці не нарадзілася яшчэ ☺ Было чамусьці прахалодна паміж схопкамі, то накрывалася халатам і падала галавой на падушку адразу ж там, пад спартыўным кутком. Спала ў прамежках. Адчувала, што стамляюся ўжо і вельмі хацелася спаць. Памятаю, як малілася, проста ад сябе сваімі словамі – каб усё было добра...А схопкі станавіліся ўсё больш працяглымі і інтэнсіўнымі. Дзякавала дзетку яшчэ, за тое, што варушыцца ў паўзах і дае мне зразумець, што з ёй усё ў парадку. Станавілася ўсё цяжэй расслабіцца, пабегла ізноў у ваду. Плюхнулася, лягчэй стала. Падумала, наўрад ці ўжо выберуся адсюль ☺
Муж чамусьці думаў, што яшчэ доўга, прыходзіў ды спрабаваў мяне ўсё накарміць, ды мне ўжо не хацелася. Прынес вады ды нечага цёплага з мёдам, за што асобны дзякуй. Памятаю, як у нейкі момант падумалася “калі так будзе яшчэ доўга, то сілы ў мяне зусім скончацца” – схопкі былі вельмі інтэнсіўнымі і працяглымі, хаця прамежкі паміж імі ўсё ж былі. Праверыла раскрыццё, каб разумець, на якім я этапе. Намацала галаву дзеткі ☺ Не ведаю, колькі там было ў сантыметрах, але адчувальна блізка да поўнага раскрыцця. Гэта парадавала. На пачатку і на самым прыканцы схопак дапамагала трошку падтужвацца, а на самым піку хацелася і добра прадыхвалася сабачкай, так маё гудзенне не пераходзіла ў крык. З кухні пахла пловам, я звярнула на гэта ўвагу і заўсміхалася – прыемны спакойны дзень, дзеці гуляюць, муж гатуе смачны абед ☺
Калі наступны раз зайшоў муж, я запыталася колькі часу. Была гадзіна дня, ён толькі паклаў Маю спаць. Мне падавалася, што нешта стадыя моцных схопак зацягнулася. Паміж схопкамі ўжо нават не клалася ў ваду паляжаць, а проста звешвала галаву і рукі праз край ванны седзячы на кротках, каб эканоміць каштоўны час на адпачынак... Муж сядзеў побач , я ўтыкалася яму ў рукі і спявала-рычала далей. Была ўдзячна, што зараз ён побач. Паведаміла пра раскрыццё і што ўжо хутка, пажалілася, што мне цяжка, паплакалася, што такая слабая і не магу вытужыць дзіця. Галава ўсё яшчэ была высока, а сіл амаль няма... Муж мой усё гэта выслухаў, памаўчаў ☺ Потым нешта накшталт “ты малайчынка, зможаш” сказаў. Найлепшая падтрымка! І за гэта таксама яму дзякуй. Мне праўда было важна проста прызнацца ў сваёй слабасці, выказаць сваё бяссіле вонкі. І каб на гэта ў адказ не шкадаванне, а падтрымку атрымаць. Яшчэ крыху пазней спытаў, ці хачу я каго-небудзь паклікаць. Падумала, не, не хачу. Дзеці ў парадку, а за мяне маю працу ніхто не зробіць. Ад гэтай думкі стала прасцей. Я ўсё яшчэ спрабавала расслабіцца ў схопках, атрымоўвалася ўжо не вельмі, усё часцей на піку пераходзіла на крык, але так было лягчэй. Прасіла дзетку дапамагчы мне крышачку і рухацца паціху ўжо, бо тужыцца было неверагодна цяжка і балюча. Прачнулася дачка, муж пакарміў дзяцей, паставіў ім мульцікі і прыйшоў ізноў да мяне. Я стала ўжо больш прадуктыўна тужыцца на кортках, прыціскаючы хвасцец да сценкі ванны – гэта сапраўды дапамагала – але, падавалася, усё ідзе тааак павольна па міліметрыку, як быццам танк павольна праз мяне паўзе ☺ У прамежку сын захацеў мяне пабачыць, зайшоў і ціхенька так “мама, я прыйшоў табе даць буську”...сонейка маё! Пацалаваў і пабег, а ў мяне моцы прыбавілася, хоць рычаць і крычаць я не перастала. Ўсё гэтак жа ўтыкалася мужу ў плячо і калі галава была блізка ўжо да прамежнасці, учапілася ў мужа “я зараз парвуся ўшчэнт”, а ён мне так ласкава “а ты не спяшайся” ☺ І тут чпок, лопнула нешта і палілася вада. Ооо, вось яны, каляплодныя воды, нарэшце. Імгненна ўставілася галава, я паспрабавала ўтрымаць яе крыху, каб не парвацца, але тут жа прыйшлося развярнуцца ў ванну і ўжо лавіць усю дзетку. Вось яна на руках ужо, наша дзяўчынка! Нават не верыцца ☺ Адразу закрычала, пагладзілі, на ручкі мне паклалі, грудзі далі, супакоілася. Так і смактала наступныя пару гадзін, не адарваць было.
Потым прыбеглі старэйшыя дзеткі знаёміцца. Муж пайшоў траўкі заварыць і час паглядзець – 16.15. Ледзь паспела яго паклікаць ды дзіця на рукі перадаць, бо накрыла моцная схопка, трэба было плацэнту нарадзіць. Я яшчэ пасядзела крыху ў ванай, накрытая ручніком, ваду спусцілі, плацэнту аглядзелі – цэлая. Узважылі дзетку – 3400 прыкладна. Муж падрыхтаваў нам месца паляжаць, перанёс дзетку і міску з плацэнтай, я перайшла таксама. Валяліся яшчэ так, гарбатку пілі з шакаладкай, муж мяне карміў смачным пловам. Перарэзалі пупавінку праз гадзінкі паўтары, пашукалі ў мяне разрывы – не знайшлі, паразмаўлялі з бабулямі па скайпу ды пайшлі спаць усім сямействам у свой вялізны утульны ложак. Дзесьці яшчэ чутна было, як вярнуўся сусед з працы на машыне, дзесьці сабакі брахалі, усё звычайна , “а у нас чалавек нарадзіўся” сказаў муж з усмешкай.