Я вам адкажу, Zoryana.
Крыўдак няма. Раззлаванасць ёсць. Не вельмі прыемна, ці бачыце, "пад каўпаком" пачувацца, ведаць, што за табой стала сочаць, за кожным тваім крокам, і кожная твая хіба адразу ж будзе скарыстаная. Асабліва мала прыемна, калі так сабе рэчы пры гэтым высвятляюцца. Што ўжо тут.
Але я астыла і здольная вам адказаць.
Наконт інтэрнета. Я праўда, не разумею, што вас так здзіўляе. Гэта нармальная практыка - падключаць безліміт і мець выхад у інтэрнет. Мне, па шчырасці, смешныя арганізацыі з адказамі: дашліце факсам, у нас інтэрнету няма. 21-ае ст., як ніяк.
Мы дасылаем безліч дакументацыі праз электр. пошту, частка з яе ідзе праз мяне непасрэдна. У мяне на тое 2 асобныя скрыні заведзеныя.
Карыстаемся пашукавікамі, спецыяльнымі сайтамі і г.д.
Асабістыя мэты - рэч іншая, безумоўна. Але паўтаруся, ніхто не забараняе і не адсочвае. У разумных межах, само сабой. У неразумных, ясна, што нельга гэтага рабіць. Аднойчы, што праўда, прэцэдэнт кантролю і тлумачальных размоў на гэтую тэму быў.
Што да форума замест працы. Не мне вам, выкладчыку, распавядаць. Што калі адна лекцыя адмянілася з нейкай прычыны ці прабалбаталася, давядзецца ў наступную усоўваць матэрыялу ўдвая болей. Так і тут. Мая праца ад мяне не збягае. На жаль ці на шчасце. І тое, што было не зроблена сёння - будзе рабіцца заўтра. У адпаведным рэжыме аўрала.
Але вы маеце рацыю, Заряна. На заўтра здараюцца памылкі, якія ў спакойным рэжыме сёння маглі б не здарыцца.
Так што прызнаю.
І ведаеце... я вам недзе нават удзячная, Заряна. Вы б'яце нейкім незразумелым, амаль фантастычным чынам у яблычак.
Метады вашыя пакідаюць жадаць лепшага. Гэта мякка кажучы. Я б і паловы таго, што дазваляеце сабе рабіць вы, не зрабіла. Хаця....мажліва і вы б не зрабілі і паловы майго. Хто ведае.
Але самае страшнае тое, што па сутнасці вы заўжды недзе маеце рацыю. Як не цяжка гэта прызнаваць. І гэта цэнна насамрэч. Хоць і некамфортна, а месцамі вельмі балюча. Можа для пачуццяў, можа для гардынькі. Не ведаю ўжо.
Так што ніякіх крыўд, я дзякую вам.)
Я не магу вам прапанаваць дружбы. Не атрымліваецца ніяк, як бачыце.
Што ж...тады застаецца варожасць? Шчырая і адкрытая?

Давайце варагаваць, Заряна, і надалей.
Гэта ў якасці падарунка:
Амаль хрысціянскі тост за ворагаў.
Гіене - баяцца, сабаку - вішчаць,
Свінні - рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П'ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,
Бо мы - сапраўднай крыві.
І таму давайце за ворагаў піць
І за імі сатканую сець,
Бо ім не дадзена нам палюбіць
І не дадзена нас зразумець.
Бедалагі!
Не ўцяміць іх бедным мазгам,
Пакуль не праб'е ім канец,
Як добра быць другам і братам нам,
І яму, і табе, і мне.
Божа, дай ім даўжэй пражыць,
Хай спаўна аттрубяць свой час,
Хай да самай апошняй нашай мяжы
Будуць яны у нас.
Божа, ты скінуў іх нам, як дары,
І мы славім мудрасць тваю,
Бо яны нас будзяць яшчэ на зары
І рана заснуць не даюць.
І ўстаем і арэм мы нашы палі,
Пакуль не апусціцца змрок,
І мы ўстаем, і зброю сталім,
Слова сталім і радок.
Ім няма з кім ісці плячо да пляча,
З кім любіць, з кім стаяць у баі,
З кім смяяцца, спрачацца і нават маўчаць.
А памруць - хто паплача па іх?
Даруй ім. Яны пакараныя й так
(Даруй хоць на гэты раз),
Бо розуму ў іх, як слёз у катa,
І не могуць пазычыць у нас.
І даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах,
Як скачком бяром частакол,
Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах,
Калі гойсае леў вакол.
Твой закон, што вазіць нявартыя гной
Чалавек такі і народ,
Калі вораг ад назвы іхняй адной
Не бялее, як снег і як лёд.
(У. Караткевіч)
Песню Л. Вольскага на гэтыя словы слухаць
тут. (ціснем на зялёны гузік) Атрымаеце непаўторнае задавальненне.
