Як я разумею, разбурэньне Менску распадаецца на некалькі асноўных эпізодаў.
0. Да вайны Саветы руйнавалі, здаецца, хіба толькі храмы: найбольш вядома -- як узарвалі царкву Сьвятога Духа ў 1936 годзе.
1. Нямецкія бамбёжкі 1941-га. Разбурылі частку дамоў (утл. той, дзе жылі мае). Горад гарэў. Але менш як праз тыдзень горад узялі, так што разбурэньні былі адносна невялікія.
2. Немцы нічога асабліва не бурылі і не будавалі. Руіны 1941 году так і прастаялі да 1944-га. Скінулі Леніна з пастамэнта, дык зацягнулі ў двары на цяперашняй Камсамольскай (дзе цяпер Міністэрства энэргетыкі), ён там усю вайну і праляжаў.
3. Савецкія бамбёжкі 1944-га былі, здаецца, даўжэйшыя і цяжэйшыя. Калі бамбавалі чыгуначны вакзал, дык трэба было заходзіць на Дом ураду, тады бомбы клаліся ў цэль. А як лётчык прамахнецца, то -- у жылыя кварталы. На кінастудыі рабіў апэратар, які ў вайну якраз гэтым займаўся. Адна жанчына яго паслухала і кажа: "Дык гэта ты мой дом разбамбіў!" Але мне не трапляўся дакладны пералік разбурэньняў 1941-га, каб параўнаць з 1944-м. Ва ўсякім разе, у 1944-м горад сапраўды ляжаў у руінах, людзі хадзілі разьбіраць завалы.
4. Па вайне быў выбар: адбудоўваць старое ці зносіць ушчэнт і будаваць на гэтым месцы нанава. Некаторыя гмахі палі ахвярай гэтага выбару, напрыклад, дамініканскі касьцёл сьв. Тамаша Аквінскага, што быў на рагу цяперашніх Энгельса (=Дамініканская) і Інтэрнацыянальнай, у куце цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Стаяў каменны корпус, трэба было яго даводзіць да ладу або зносіць -- зьнесьлі, з таго часу там пуста.
5. Пасьля вайны мэтадычна руйнавалі драўляны Менск (па якім, здаецца, ніхто ня плача) і пэрыядычна замахваліся на камяніцы. Самы вядомы эпізод -- разбурэньне Нямігі; прыблізнае ўяўленьне пра тое, як яна выглядала, можа даць цяперашняя Ракаўская. Нягледзячы на публічны, нават вулічны пратэст, ужо ў 1984-м зьнесьлі будынак старога гарадзкога тэатру (дзе ў 1852 г. была пастаўлена першая беларуская опэра -- "Сялянка" на музыку Манюшкі і словы Д.-Марцінкевіча). Гэта толькі тыя выпадкі, якія мелі значны грамадзкі рэзананс; але іх было больш. Выключэньне -- Траецкае прадмесьце, якое адрэстаўравалі, пакінуўшы, праўда, ад старых дамоў толькі фасады.
6. За апошняе дваццацігодзьдзе, як мне казалі, зьнішчана каля 200 старых будынкаў, нават 18 стагодзьдзя. У сярэднім 10 на год. Апошні выпадак -- палацык у Лошыцы.
7. Апошнім часам зьявілася новая мода -- адбудоўваць муляжы старых будынкаў, хоць і не канечне на тым самым месцы. Ці ня першай ластаўкай стала ратуша (дзеля чаго яна цяпер выкарыстоўваецца -- ня ведаю), сюды ж адносіцца гатэль "Эўропа".
***********
"Міф 3. Старадаўні Мінск знішчылі нацысты
Савецкая прапаганда 10-годдзямі ўбівала ў галовы, што падчас Другой сусветнай вайны немцы амаль дашчэнту знішчылі Мінск. Аднак гэта толькі палова праўды.
“Мінск разбураўся агульнымі намаганнямі нацыстаў і бальшавікоў, - пацвярджае вядомы ў вузкіх колах факт доктар гісторыі, лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру Захар Шыбека. - Сапраўды, перад адступленнем Чырвонай Арміі органы ўнутранай бяспекі і вынішчальныя атрады падпальвалі будынкі, каб не пакінуць нічога немцам. Таму пажары пачаліся не толькі ад нямецкіх налётаў, але і ў выніку дзейнасці бальшавікоў. Падчас акупацыі Мінск цярпеў ад бамбардзіровак з савецкай тэрыторыі. Значным выпрабаваннем для горада стаў штурм Чырвонай Арміі і выгнанне немцаў 3 ліпеня 1944 года. Потым гэтыя разбурэнні былі залічаны на рахунак нацыстаў і ўключаны ў лік рэпарацый”.
Мінск у 1941-м. Фота Deutsches Bundesarchiv (German Federal Archive), Bild 141-2020
Падчас акупацыі мінчукі перажылі прынамсі тры маштабныя савецкія бамбаванні акурат у “чырвоныя дні календара”: 8 сакавіка 1942 года, 1 траўня 1943 і ўсяго за некалькі тыдняў да вызвалення - у чэрвені 1944-га.
Выбітны эміграцыйны крытык літаратуры і карэнны мінчук Антон Адамовіч (Юстапчык) нават прысвяціў травеньскаму налёту аповесць “Каханы горад”.
Аднак і гэта не ўсё. На думку Захара Шыбекі, “паваенныя разбурэнні па сваім маштабе не надта саступалі ваенным”. “Пакуль у Варшаве, Дрэздэне, Ковентры аднаўлялі гістарычную забудову, у нас дабівалі і тое нямногае, што засталося. З Мінску рабілі ўзорны сацыялістычны горад, а гэта вымагала вялікіх ахвяраў”, - адзначае аўтар шматлікіх кніжак і манаграфій пра Мінск.
На думку экспертаў, найвялікшым злачынствам Саветаў стала пракладанне праз Нямігу Паркавай магістралі (праспекта Машэрава-Пераможцаў), які ці не назаўжды зруйнаваў адразу два гістарычныя цэнтры - Верхні і Ніжні горад."
**********
http://minsk-by.livejournal.com/6340306.html