Як тут правільна ўжо заўважылі, у нашай адукацыі такія страшэнныя праблемы, і ўся гэта шуміха з гімназіямі – выдатная магчымасьць адвесьці ад іх вочы.
Дзяўчына з Курасоўшчыны выдатна апісала частку зь іх. Адно, што магу сказаць, што такія ж нюансы можна назіраць і ў гімназіі.
Узровень адукацыі падае. Ізноў жа, як нехта пісаў, мы адной левай дапамагаем нашым дзецям з матэматыкай, хаця самі маглі быць зусім не геніямі ў гэтай галіне. Ці змогуць нашы “нематыматычныя” дзеці дапамагчы праз 30 год сваім? Мне чамусьці лезуць сумныя думкі ў галаву, што выляцяць усе гэтыя веды пасьля экзаменаў і ЦТ. Мне ўвогуле здаецца, што калі сканчаецца курс алгебры і дзеці пару тыдняў на матэматыцы займаюцца геаметрыяй, у іх зьнікаюць у нібыт атрыманыя веды па алгебры. А потым так зараецца з геаметрыяй. Я не разумею, чаму некаторыя школы/гімназіі могуць сабе дазволіць мець асобна алгебру , асобна геаметрыю, а некаторыя вучаць вось так – з перарывамі. З праграмы па той жа матэматыцы зьнікаюць тэмы, без якіх немагчыма вучоба на 1 курсе матэматычных факультэтаў ВНУ. Скарачаюцца гадзіны моў і мае знаёмыя настаўнікі скардзяцца, што ня ведаюць, як упіхнуць усё ў адведзеную колькасць.
Я таксама хачу выдатнай адуцацыі для сваіх і не толькі сваіх дзяцей. Непрыемна чытаць, што з адменай экзаменаў гімназіі скацяцца да ўзроўня школ, што сьмерці падобна. То бок нармальныя грунтоўныя веды магчымыя толькі ў гімназіях. Для нейкіх школ гэта сапраўды так. Для іншых – не. А меркаваньне грамадзтва катэгарычна – школы - не для вумных дзяцей.
Гэта вынік усіх тых дзеяньняў, якія год за годам піхаюць нашу адукацыю ў яму. Перакрой праграм. Не самыя лепшыя падручнікі. Адмена профіляў. Дурныя абавязкі настаўнікаў, з-за якіх яны сыходзяць са школ. Дурная сістэма рэйтынгаў, дзе макулатура побач з сярэднім балам ЦТ.
А хацелася б мець ініцыятыўных дырэктароў, якія укладаюць душу ў сваю навучальную ўстанову. Якія могуць з факультатыўных заняткаў зрабіць рэальную дапамогу, а не ператварыць іх ў банальны спосаб заробку грошай. Я памятаю, як замежную мову пачалі вывучаць з 3 класа, а раней вучылі з 1-га. У той час я назірала, як адна гімназія з дапамогай факультатываў працягнула вывучэньне замежнай мовы з 1 класа на тым самым ўзроўні, як і было. То бок у 3 класе дзеці не вучылі нанава алфавіт і лік да 10. Яны натуральна былі на 2 гады вышэй за дзяцей, якія пачыналі з 3 класа. Нажаль, у некаторых іншых вядомых мне навучальных установах, курс платнай ангельскай мовы быў амаль пустым гукам. І з 3 класа ўсё для гэтых дзяцей пачыналася ў 3 класе з алфавіта.
Як бачым, адміністрацыя віцебскай гімназіі таксама знайшла спосаб рознабакова разьвіваць сваіх дзяцей. Не думаю, што адміністрацыя там настолькі рызыкоўная, што парушае закон. Проста граматна будуе навучальны працэс.
Ліцэй у маім родным горадзе адкрыў спец класы на базе школы побач, дзе дзеці ў 8-9 класе паглыблены вучаць матэматыку і фізіку, а потым паступаюць ў ліцэй на фіз-мат.
То бок, усё магчыма? Было б жаданьне? Не савалі б толькі палкі ў калёсы?
Я - за роўныя магчымасьці. Каб колькасьць гадзін была роўная. А ўжо ад таго, што і як дасі настаўнік на гэтых гадзінах, будзе залежаць якасьць атрыманых ведаў. За магчымасьць афіцыйна вывучаць паглыблена матэматыку/хімію/гісторыю/мовы ня гледзячы на тое, якая шыльда вісьць над навучальнай установай. За матэрыяльнае заахвочваньне настаўнікаў, чые вучні паказваюць высокі ўзровень ведаў на алімпіядах. За тое, каб настаўнікам не перашкаджалі проста вучыць і не душылі планамі па наведваньню музеяў і ахопу гарачым харчаваньнем.
І да, хочацца граматных і стойкіх людзей ва адукацыйным кіраўніцтве. (хаця гэта, думаю, самае утапічнае). Тады можна спадзявацца на лепшае.