Віншую ўсіх з падзеямі, якія адбываюцца, а я не паспяваю сачыць. Наташу з сынам, Наталінку з правамі, Гайку з днём нараджэння! Ванду з такой удалай адаптацыяй дачкі да садка.
Аў нас з садком не заладзілася. Нам такі далі месца ў беларускамоўным садку, а паколькі я длічу, што лепш пачынаць адаптацыю, калі там 5-7 дзетак, лепш, чым калі іх там 25-30. Дык вось ужо пару тыдняў мы паціху хадзілі ў садок: то проста на пляцоўку, калі дзеткі ўжо сыходзілі абедаць, то ўжо на ўчастак нашай групы, пазнаёміліся з выхавацелькай і нянечкай, запісаліся ў 3 групу па рэкамендацыі Чарнікі, і не прагадалі - у другой ясельнай групе выхавацелька то ў мабільнік, то пазяхае, то сядзіць сіднем на лавачцы, калі вакол яе дзеці равуць, а ў Юліі Васілеўны нават у такую спёку хапае сілаў нястомна з дзеткамі бавіцца.
Так пахадзілі мы разам з Уляй, нават у групу пасля прагулкі зайшлі ў першы раз, дык яна адтуль сыходзіць не хацела. Але гэта ўсё тады, калімама побач. Калі ж мы прыйшлі ў групу перад прагулкай, то Уля без мяне ў групу ісці не хацела, мне прыйшлося прасядзець гадзіну да прагулкі у распраналцы, а яна штохвіліну падбягала да мяне, там жа трымалася вельмі скавана, сачыла, каб я не сышла. Аўтарытэт выхавацелькі пры маёй прысутнасці яна не ўспрымала, таму я вырашыла пакінуць яе на гадзінку ў групе перад прагулкай у мінулы чацвер (гэта недзе быў шосты наш візіт у садок). Мне прыйшлося разрываць абдымкі, гвалтам упіхваць яе ў слязах у групу, пасля я стаяла пад вокнамі групы і хвілін 10 чула шчэ яе крыкі МАМА. Дачакалася я іх на пляцоўцы, выйшла Уля за ручку з выхавацелькай, але вельмі хутка зноў сарвалася на слёзы - і тут я падбегла. Карацей, увечары ў яе паднялася тэмпература 39, і аніякіх прыкмтаў хваробы. Гэта тэрмасіндром, у мужа было такое на садок і летнікі. Пасля гэтага яна стала нервовая, нават з бабулямі заставацца не хоча, баіцца, што мама яе кіне, хаця раней заставалася добра, калі мы з мужам у Барсу ляталі. Падарвала я ейны давер. І вось цяпер не ведаю, што рабіць. разумею, што яна не гатовая ў садок. Усё тое, дзеля чаго дзеці ходзяць у садок (гульні з раўналеткамі) ёй яшчэ не цікава.
У прынцыпе, мы не памром з голаду, калі я яшчэ год не выйду на працу, бабуля з дзядулем могуць дапамагаць, калі я раптам знайду якую падпрацоўку ці пайду ў аўташколу, але пра нармальную працу са стабільным графікам пакуль можна і не марыць. І летам гэта ўсё класна, мы шмат гуляем, дадому прыходзім толькі есці і спаць, а вось што будзе ўвесень-зіму-вясну - я памятаю, як я кісла ад аднастайнасці, як мне не хапала камунікацыі і развіцця ў дарослым кірунку. Дома разам з ёй я працаваць не магу, а гэтыя няшчасныя 2 гадзіны яе сну мне вельмі патрэбныя для проста пасядзець пачытаць інтэрнэт ці кніжку...
Да ўсяго цяпер яе ўсё складаней укласці спаць, працуе толькі адзін садысцкі спосаб - давесці да слёз. Альбо яна ўпала, ідзе на ручкі, я яе шкадую, пяю песеньку, яна засынае. Альбо мы чытаем сентыментальную кніжку (у нас гэта "Дочурка Груффало"), яна расчуляецца, ідзе на ручкі, я шкадую, яна засынае. Усё. Інакш яна не засне за дзень, прычым рэсурсу ёй хопіць да 11 вечара, а мне - не.
Нешта я да вас толькі скардзіцца прыходжу. Лепш пахвалюся, што ў гэтыя выходныя мы наладзілі адпачынак у Менску як на курорце. Зранку ў суботу мы паехалі купацца на Дуброўскае вадасховішча (вада чыстая, але там няўтульна, мала месца, няма ценю, платны пляж), пасля паехалі дадому, паклалі малую спаць і з мужам гулялі ў настолку (!). Увечары мы паехалі гуляць на набярэжную ў парк Перамогі - як жа там добра, зусім па-еўрапейку, шмат ровараў, лавачак, дзіцячая пляцоўка, параход і прырода! Мы там елі смачную венгерскую кукурузу - і там была страшэнна класная жывая музыка - два хлопцы на электрагітарах)
У нядзелю мы зранку паехалі на Дразды, пакупаліся да 12, потым адвезлі Улю спаць да бабулі і паехалі з мужам у кіно (глядзелі кіно "Дамашняе відэа", так нарагаталіся!), схадзілі ў кавярню і паехалі па дачушку, забралі яе і паехалі дахаты. Уклалі яе спаць (звычайна яна ўкладвае нас і толькі пасля засынае)- і ў нас пачалося асабістае жыццё)))