- АйцецСергiй, зчагоўсёраспачыналася?
- На Русi здаўна богаслужэнне ў храмах вядзецца на стараславянскай мове, хаця ў 1875 годзе Бiблiя была перакладзена на рускую мову. Падчас перабудовы, станаўлення беларускай дзяржавы востра адчувалася запатрабаванасць у развiццi нацыянальных традыцый, i пад уплывам творчай iнтэлiгенцыi ў асяродку праваслаўных святароў пачалася частковая беларусiзацыя, пытанне было пастаўлена i перад мiтрапалiтам Фiларэтам. I ў 1991 годзе па яго блаславеннi была створана Беларуская бiблейская камiсiя для перакладу Евангелля са старадаўняй грэчаскай мовы (арыгiнала) на беларускую. У камiсiю ўвайшлi пяць чалавек - вучоныя-славiсты i святары, а я стаў кiраўнiком камiсii i вызначаю канчатковы варыянт перакладу.
- Што зроблена за гэты перыяд?
- Пераклалi чатыры кнiгi Евангелля - ад Матфея, ад Марка, ад Лукi i нядаўна скончылi - ад Iаана. Зараз iдзе праца над агульным беларускiм богаслужэбным выданнем Евангелля, якое, акрамя гэтых чатырох кнiг, будзе мець расклад (каляндар) малiтваў на кожны дзень. Гэтая праца накiравана не толькi ў дапамогу святарам, але i прыхаджанам. Напрыклад, калi служба iдзе не па-беларуску, а на стараславянскай мове, то дома можна будзе прачытаць гэтую малiтву па-беларуску. Тыраж кнiгi будзе дастатковым, каб задаволiць усiх жадаючых.
- А колькi iх у нас?
- Па царкоўных правiлах службу можна весцi на любой мове. У многiх нашых храмах людзi падыходзяць да святара i просяць весцi богаслужэнне на беларускай мове i чытаць малiтвы з нашых кнiг. Сёння каля дваццацi прыходаў у Беларусi цалкам перайшлi на беларускую мову, але я ўпэўнены, што пасля выхаду ў наступным годзе беларускамоўнага агульнага Евангелля iх будзе больш.
- Але ёсць i iншае меркаванне - што з Богам трэба “размаўляць” на ўзнёслай, не зразумелай простаму народу мове?
- Я закаханы ў беларускую мову i цвёрда ўпэўнены, што яна павiнна быць ва ўсiх сферах жыцця беларусаў, у тым лiку - у рэлiгii i адукацыi. Мой асабiсты ўнёсак у гэтую святую справу - пераклад на беларускую мову чына споведзi, вячэрняй малiтвы, лiтургii. I ўвогуле ўсё богаслужэнне я вяду толькi на беларускай мове.
- Якiя Вашы абавязкi ў служэннi i на працы?
- Я адзiн са святароў у Мiнскiм кафедральным саборы, акрамя таго - загадчык кафедры бiблiiстыкi i царкоўна-практычных дысцыплiн у Iнстытуце тэалогii пры БДУ.
- Лiчыцца, што толькi высокаадукаваны чалавек мог узяцца за пераклад Святога Пiсання. Якiя ў Вас ступенi адукацыi, як Вы асабiста прыйшлi да рэлiгii?
- Я нарадзiўся i вырас на Брэстчыне ў вёсцы Дзiвiн у сям‘i простых веруючых сялян. З пяцi гадоў хадзiў разам з бацькамi ў царкву, сябры-школьнiкi мяне не асуджалi. Я дагэтуль удзячны класнай настаўнiцы, што яна мне ў характарыстыцы напiсала толькi адно - “цяжка паддаецца ўнушэнню”.
У восьмым класе я ўпершыню прачытаў у дзядзькi Бiблiю, шмат разнастайнай атэiстычнай лiтаратуры i хутка зразумеў, што ўсе “савецкiя пастулаты” нiшто ў параўнаннi са Святой Кнiгай - яна нясе духоўнасць i ўнутранае абагачэнне. Тады i з`явiлася ў мяне мара стаць святаром, але ў той час у Беларусi не было духоўных семiнарый. Я лёгка паступiў у Iнстытут замежных моў у Мiнску, атрымаў спецыяльнасць настаўнiка англiйскай i французскай моў. Паралельна самастойна вывучыў лацiнскую мову, якая ляжыць у аснове многiх еўрапейскiх. Стаў працаваць настаўнiкам у суседнiм сяле, але мару сваю ўсё роўна не пакiнуў. Хутка паступiў у Маскоўскую духоўную семiнарыю, а пасля яе заканчэння вучыўся там жа ў Духоўнай акадэмii i выкладаў у семiнарыi англiйскую мову. Хутка абаранiў кандыдацкую дысертацыю па багаслоўi. Сем гадоў правёў у далечынi ад Радзiмы, але як толькi ў Жыровiчах адкрылi навучальныя ўстановы, я папрасiў, каб мяне адправiлi дадому.
Зараз я выкладаю ў Жыровiцкай семiнарыi практычнае кiраўнiцтва для пастыраў i ў Акадэмii - пастырскае багаслоўе. У Мiнску ў iнстытуце я выкладаю дадаткова англiйскi курс па багаслоўскай тэрмiналогii, каб мае выпускнiкi маглi чытаць у арыгiнале багаслоўскую лiтаратуру.