15 ліпеня 1410 г. адбылася славутая Грунвальдская бітва (ці бітва пад Дуброўнай, як называюць гэтую бітву беларускія летапісы), у якой злучанымі сіламі ВКЛ і Польшчы былі разбітыя войскі Тэўтонскага ордэна.
Амаль дзвюхсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. Разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сілаў ды неўзабаве знік як самастойная дзяржава.
[CUT=Опция]Бітва пад Дуброўнай (Грунвальдская бітва)
Войска нямецкага Ордэна і злучаныя сілы Вялікага Княства ды Польшчы сышліся на ўзгоркавым полі паміж тагачаснымі прускімі мястэчкамі Грунвальд і Танэнбэрг. Рыцары з'явіліся тут першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген размясціў артылерыю і арбалетнікаў, загадаў выкапаць і прыкрыць спецыяльныя ямы супраць конніцы непрыяцеля. Сабраныя тут сілы Ордэна сягалі 20 тысячаў.
Армія Вітаўта і Ягайлы была пастаўлена перад нямецкім войскам такім чынам, што ўтварала роўны па даўжыні фронт з праціўнікам. На правым фланзе стаялі 40 харугваў Вялікага Княства Літоўскага, каля паловы якіх прыйшлі з беларускіх земляў, - берасцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, лідская, амсціслаўская, новагародская, пінская, полацкая, смаленская, старадубская ды іншыя. Апроч іх у складзе Вітаўтавых сілаў быў аддзел татарскай конніцы, якую прывёў хан Джэлал-ад-Дзін. Польскае войска складалася з 50 харугваў. Дапамагаць ім прыйшлі найманыя аддзелы чэхаў і мараваў. Разам хаўруснікі мелі велізарную армію - блізу 25-30 тысячаў.
Нямецкія рыцары імкнуліся выклікаць атаку непрыяцеля, каб яшчэ да сечы прычыніць яму страты падрыхтаванымі ямамі і артылерыйскім агнём. Яны нават адвялі свае перадавыя аддзелы назад. Раніцай 15 ліпеня 1410 года харугвы Вялікага Княства першымі кінуліся на ворага - спачатку лёгкая конніца, затым цяжкая. Палякі марудзілі і ўступілі ў бой пазней. Калі Вітаўт быў сярод свайго войска і беспасярэдне кіраваў ім у сечы, дык Ягайла знаходзіўся ў тыле, каля лагера, на высокім пагорку, з якога ажыццяўляў агульнае кіраванне злучанымі сіламі.
Дзве велізарныя арміі сутыкнуліся, і лютая сеча закіпела па ўсёй даўжыні фронту, аднак галоўныя сілы Ордэна на чале з маршалам Конрадам Валенродам памкнуліся на фланг Вялікага Княства. Прыкладна праз гадзіну ўпартай бітвы харугвы Вітаўта пачалі адступленне да свайго абозу, і рыцары кінуліся ў пагоню. Гэтак пачаў здзяйсняцца вырашальны для баталіі манеўр Вітаўта, узгоднены з Ягайлам. Ягонае войска не ўцякала, як пра тое пісалі многія гісторыкі, а дзейнічала паводле вызначанага плану дзеля парушэння баявых парадкаў цяжкаўзброеных рыцараў. Іх такім чынам рассейвалі па шырокай мясцовасці.
Толькі смаленскія харугвы, пакінутыя Вітаўтам, прыкрывалі правы фланг палякаў і неслі цяжкія страты. Тым часам рыцарская конніца, якая гналася за «ўцекачамі» да абозу арміі Вялікага Княства, была знішчаная, і харугвы зноў вярнуліся на поле бітвы. Яны ўдарылі з тылу па групоўцы Ульрыха фон Юнгінгена, захопленай сечай з палякамі. Неўзабаве харугвы магістра і правы фланг войскаў Тэўтонскага ордэна былі аточаныя і апынуліся ў двух вялізных катлах. Пачаўся разгром крыжацкай арміі. Частка яе вырвалася з атачэння і паспрабавала наладзіць абарону ў сваім умацаваным абозе, аднак хаўруснікі ўварваліся ў табар і ў асабліва крывавай сечы давяршылі знішчэнне галоўных сілаў Ордэна.
Перамога ў бітве пад Дуброўнаю (так называюць гэтую бітву беларускія летапісы) далася дарагой цаною. У чужую зямлю палегла палова ратнікаў, прыведзеных Вітаўтам, сярод якіх - тысячы беларусаў. Але палітычнае значэнне гэтай перамогі цяжка пераацаніць. Амаль дзвюхсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. Разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сілаў ды неўзабаве знік як самастойная дзяржава. Стасунак сілаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе змяніўся на карысць славянскіх краінаў. Вялікае Княства змагло адмовіцца ад нявыгадных умоваў вуніі 1401 года з Польшчаю і стала больш самастойным. Нарэшце, пасля разгрому Тэўтонскага ордэна яно атрымала амаль стагоддзе параўнальна мірнага існавання - да пачатку экспансіі Маскоўскай дзяржавы.
Генадзь САГАНОВІЧ
http://knihi.com/Uladzimir_Arlou/Dziesiac_viakou_bielaruskaj_historyi.html#chapter27[/CUT]