Нашэсце
В. Жуковіч
На караблі «Зямля» – паніка,
Як некалі на «Тытаніку».
Вірус нязнаны
Пануе, ліхі;
Наканаваны
Зямлі за грахі…
Дзе Кітай, дзе Італія…
Што яму далі дальнія!
Шлях не шукае,
Швыдкі такі, –
Скрозь пранікае,
Ва ўсе куткі.
Што прыйшоў вяршыць?
Бяду сеяць, жыцці касіць!
Хоча, каб высакосны
Год быў укосны…
Ён – з’ява глабальная,
Ява татальная –
Ужо ў Беларусі:
На нашы сем’і,
На продкаў землі,
Вёсачкі, гарады –
Нашэсце бяды.
Зрэшты, удакладняю:
Бяда бяду даганяе –
Вірусаў тут багата
Крамлёўска-імперскіх, клятых
(Інтэграцыйны вірус,
Як грыб атамны, вырас),
Нігілістычны мясцовы
Вірус на глебе мовы…
Нашым уладам
Да нейкага ладу
Ой як не блізка!
Адмыцца шчэ трудна
Ад нафты расійскай,
Як і палітыка, бруднай!
Што й казаць, бедаў цунамі –
З намі.
Страх жыве у народзе
З панікай на мяжы.
Панікі шэф баіцца.
Чым ад яе адбіцца?
З клюшкаю ён па лёдзе
Зноўку і зноў бяжыць…
Ў часе чумы – забава…
Шэфу якая справа,
Як нам з заразай жыць!
27-29 сакавіка 2020 г.