Колькі хмараў сплыло, колькі часу прайшло,
Знічкі сыпаліся з небасхілу.
Гэта месца чатыры стагоддзі было
Самавітым гняздом Радзівілаў.
Тут і зараз прыгожыя людзі жывуць
І сцяжынкі бягуць праз узгоркі...
Над палацам удалеч аблокі плывуць,
І глядзяцца ўсё ў возера зоркі.
Старажытны Нясвіж, старажытны Нясвіж,
Горад сталасці і маладосці,
Ты прыцягваеш, нібы маленькі Парыж,
І заўсёды чакаеш у госці.
На валах і ў равах зелянее мурог,
У скляпеннях губляецца слова.
Тут раней паляўнічы заходзіўся рог
І збіралася панства на ловы.
Тут між жыта валошкі квітнелі ў палях,
Стрыглі коні вушамі ў тумане,
І з варагаў у грэкі наладжваўся шлях
Між Ушою і звонкаю Ланню.
Тут ніхто талент свой ад людзей не хаваў,
Хоць у гонары ведалі меру,
Будны кніжкі ў Нясвіжы калісь друкаваў,
Тут вучылі марскіх афіцэраў.
Адпяваў і хрысціў сваю паству святар,
Было ўсё. Нават вока за вока.
І нясвіжскія воі мангола-татар
Білі нават на Калцы далёкай.
... Звон ад фарнага льецца і ўдалеч і ўвысь,
Чысты і сакавіты той голас...
Час няўмольны. Паверыш хіба, што калісь
Тут вучыліся Чорны і Колас?
... Не выходзяць вайскоўцы тут болей на пляц,
Звону труб не чуваць тут таксама.
Сцерагуць цішыню Радзівілаў палац
І шыкоўная Слуцкая брама.
... Поўдзень летні. У вулках і засень, і ціш,
Як цудоўна па іх сёння крочыць!
Ах, Нясвіж, беларускі маленькі Парыж,
Што табе новы час напрарочыць?