Шаноўныя мамы і папы. А як вы лічыце, як часта варта, і ці варта наогул, бацькам хадзіць у школу да настаўніцы? Каб высветліць, як вучыцца дзіця, якія ў яго праблемы, ці наадварот поспехі, на што мела б сэнс звярнуць увагу і г.д.))
Я адчуваю сябе кепскай маці.

Дачка ў 2-м класе. У школу яе завозіць машынаю муж. Школа ў прынцыпе блізка, але ўсё адно пешшу ісці 10-15 хвілінаў, іх раніцамі катастрафічна не хапае, да таго ж так зручней: муж па дарозе на працу яе адвозіць, а я вяду у садочак малодшую. (садочак у іншым боку адносна школы).
Такім жа чынам увечары муж забірае школьніцу з падоўжанкі, а я малую з садочку.
Я да чаго? Настаўніцу сваёй дачкі адпаведна я не бачу наогул. То бок я працую і магчымасці бываць удзень у школе не маю.)) Мы сустракаемся толькі на бацькоўскіх сходах.)
У той жа час ведаю па расповедах (і на форуме ў тым ліку), што многія мамы ледзь не кожны дзень камунікуюць з настаўнікамі сваіх дзяцей. Прыкладам, мая добрая знаёмая ў дыкрэтным адпачынку з малодшым і сувязь з настаўнікам у яе самая непасрэдная.
Я ж даведваюся пра поспехі ці наадварот толькі са словаў дзіцяці. Гэта нармальна? Я разважаю так: калі будуць праблемы - я пра гэта даведаюся. Але ці не будзе позна?)))
З іншага боку, а што рабіць? Тэлефанаваць настаўніцы? Дык мне здаецца гэта няёмкім, няветлівым. Час ад часу адпрошвацца з работы і ехаць у школу? Дык таксама, па-першае, гэта праблематычна (праца ёсць праца), па-другое: а навошта? Ну прыеду, а мне - усё ў парадку, не пераймацеся. (ага, а я паўдня праз гэта згубіла)
Неяк размаўляла са сваёй маці, якая падчас маёй вучобы ў школе нават на сходы бацькоўскія не кожны раз хадзіла. (даходзіла да таго, што я яе прасіла: мама, схадзі на сход, бо на мяне потым настаўніца сварыцца). Пыталася: а чаму ты не хадзіла на сходы, тым больш проста так што спытаць? А яна: а сэнс? Праблемаў не было, наадварот. А на сходзе пра чужыя праблемы слухаць, так не было мне ні часу, ні жадання. ))) І што характэрна - вывучылася я.))) Але часы іншыя былі...
Дык вось пытанне: ці патрэбна бацькам пастаянная сувязь з настаўнікам?