Дзяўчаты, я тут да вас параіцца. Мне прапанавалі паўдзельнічаць у адукацыйных курсах (бясплатных, спецыяльнасць - літаратурны агент), якія будуць праводзіцца ў форме выязных семінараў - за мяжой, у Швецыі, Нямеччыне і Літве. Плануецца цягам наступнага года 3-4 такія паездкі на 3-5 дзён. Першая ці то зімой, ці то ў пачатку вясны.
Дык вось, да таго часу я не збіраюся згортваць ГВ, пагатоў Ульянка яшчэ амаль не есць прыкорм. Мне, канешне, прапанавалі яе ўзяць з сабой, але тады трэба браць яшчэ і няньку (мужа), а яму трэба дзеля гэтага браць адпачынак або за свой рахунак, плюс дарога і пражыванне на яго і Улю адукацыйнай праграмай, натуральна, не прадугледжана. Ён, можа, і паехаў бы, каб я на 100% ведала, што гэта справа майго жыцця, але, калі ўлічыць, што ў нас рамонт на носе, грошы патрэбныя, то такія недаадпачынкі нам наўрад ці будуць на карысць.
Адным чынам, пытанне стаіць так:
Ці патрэбна мне надрывацца (напружваць мужа, ствараць стрэс для дачкі) дзеля справы, у якой невядома, ці змагу я рэалізавацца - бо літагентаў у беларускай літаратуры няма (бо ў белліце нездаровы літпрацэс, няма рынку і г.д.), ці змагу я ў дэкрэце распачаць зусім новую для краіны дзялянку? Вельмі сумняюся. Усім сябрам, хто нават бліжэй да літпрацэсу і не абцяжараны дзецьмі, гэтая ідэя падаецца ўтопіяй. Для гэтага трэба мець жылку і пранырлівы характар, каб пасля на гэтым зарабляць. Я не такая.
З іншага боку, каб не Уля, я б дакладна паспрабавала, бо гэтыя курсы мяне б не звязвалі па руках і нагах, а проста давалі б магчымасць сябе праявіць у новай сферы - не атрымалася б, і ладна.
Цяпер пытанне да вас, як да мам. Ці пацягнулі б вы з сабой дзіця да года і няньку (мужа, маму, сястру - бо без нянькі сэнсу ехаць няма, разрывацца паміж курсамі і дзіцем таксама ня будзеш) за мяжу дзеля сумнеўнай самарэалізацыі ў будучыні?
З якога ўзросту вы б пакінулі дзіця на 3-5 дзён на мамку-мужа-няньку і паехалі за мяжу дзеля той самай прывіднай самарэалізацыі? Поспех не гарантаваны, расчараванне больш верагодна, бо ўсе беларускія праекты церпяць фэйлы.
Нешта пісала і сама ўжо схіляюся, што мне гэта ня трэба. Але пасяджу і паслухаю вашы меркаванні, бо нешта наш форум зачах апошнім часам.