Справа, падкрэсьліваю, зусім не ў асобе новага мітрапаліта, а ў тым, што прадэманстраваў Сынод РПЦ гэтым прызначэньнем.
25 жніўня 1991 году дэпутат ад Старажоўскай выбарчай акругі № 47 Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў (мітрапаліт Філарэт) не галасаваў за незалежнасьць Беларусі. І я магу яго зразумець: народжаны ў Маскве і прызначаны ў БССР Масквой, ён мог не ўспрымаць ды проста баяцца самой ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Гэта можна было расцэньваць як выбар канкрэтнага чалавека ў той канкрэтны момант. У гады, калі я жыў у Беларусі, у мяне былі сустрэчы зь Філарэтам, і я не сказаў яму ні слова папроку — тым больш што мітрапаліт выказваў павагу да сувэрэннасьці Беларусі.
Але праз больш чым 22 гады Сынод РПЦ, дзе любяць нагадваць пра «Велікую Русь», адмовіўшы беларускім іерархам у даверы, — паказаў, як ён як царкоўны інстытут насамрэч ставіцца да незалежнасьці Беларусі і да беларускага народа.