Добры дзень! Парайце, калі ласка, аграсядзібу каля возера Свіцязь. Можа хто адпачываў сам ці знаёмыя?
Ніхто мне не параіў, карацей, самі знайшлі

З'ездзілі мы ў Навагрудак і на возера Свіцязь, як і хацелі. Жылі ў аграсядзібе "Серая цапля" ў вёсцы Сялец 2 км ад Навагрудка. Месца вельмі прыгожае, гаспадары добрыя і ненавязлівыя, кошт адэкватны. З большага спадабалася, ёсць нюансы (напрыклад, надта рыпучая падлога), калі каму цікава, магу падрабязней. За 5 дзён 4 разы ездзілі на Свіцязь (каля 20 км), з'ездзілі ў Дзятлава, у Любчу і, канешне, у Навагрудак. На возеры цудоўна, празрыстая вада, чысценькі пясок, стаянка платная: ў адным месцы - 4,5 рублёў, у другім, крыху далей, - 2 рублі

У Дзятлава прыгожыя касцёл і царква, рэшткі палаца Радзівілаў і краязнаўчы музей. У музеі правялі для нас экскурсію, там 5 залаў: адна прысвечана даваеннаму перыяду (панскай Польшчы), дзве - Вялікай Айчыннай, дзве - сучасным мастакам. Шкада, што хаця на ўездзе ў Дзятлава напісана 1498, у музеі ўсё толькі з 20-га стагоддзя, быццам і не было нічога

Якіясьці залы на доўгачасовым рамонце, так нам сказалі. Адна з залаў сучаснага мастацтва прысвечана Мікалаю Несцярэўскаму, цудоўнаму мастаку і керамісту (дарэчы, пано і скульптуры на станцыі метро Якуба Коласа яго), на яго карцінах многія мясціны Дзятлава і раёна, штосьці ёсць і зараз, а штосьці толькі там і ўбачыш, напрыклад той жа палац Радзівілаў.