дзякуй усім за віншаваньні

вельмі прыемна

як мы ні рыхтаваліся, а роды наступілі нечакана

добра, што доўжыліся 1 дзень і 2 ночы, мы за гэты час пасьпелі і ванначку прыдбаць, і вады крынічнай прыцягнуць для першага купаньня і хату падрыхтаваць, і пялюшкі-адзежкі. ПДР у нас на 7 стаяў, але я малечу ўсё прасіла, каб яна пазьней нараджалася, бо ў гэты дзень ДР у сваякоў і сяброў. І малеча паслухалася, і толькі прабіла поўнач на 8е, яна рушыла на выхад

схопкі адразу былі частыя, хоць і не вельмі балючыя, кожныя 5-4-3 хвіліны. Мы былі акурат у гасьцях, а 6 раніцы вярнуліся дахаты. Настрой быў вельмі ўзьнёслы, сьвяточны, сонца за вокнамі, сусед зьнізу сьпявае "алілуя" ( ён з царкоўнага хору). Але ішоў час, а зьменаў не было, схопкі былі рэгулярныя, але па інтэнсіўнасьці не нарасталі. Каб неяк разьвеяцца, увечары пайшлі на 2 гадзіны па лесу гуляць, лезьці канечне са схопкамі па буралому і папутна адбівацца ад камароў - той яшчэ кайф. Недзе а 21 вечара Н. вырашыла прыехаць праверыць нас. І акурат перад яе прыездам адышлі воды. Вось тут усё і пачалося. Спачатку я ратавалася ад болю мужніным масажам, пасьля ўсе пайшлі спаць, а я наразала колы па кватэры, разьдзіраючы сабе сьпіну. Далей памятаю цьмяна. Памятаю, як сядзела ў цемры на балконе і размаўляла з малечай, уяўляла, як яна спускаецца ўва мне, як я раскрываюся ёй насустрач. Гэтае крэсла на балконе ў нас зараз самае любімае месца

Пасьля я бегала па кватэры, ужо сьпяваючы, прастагнываючы ўсе галосныя альфабэту. Муж спрабаваў дапамагчы мне расслабіцца, але я зразумела, што ніфіга я ня ёг, каб забыцца на такі боль. Пад раніцу проста вісела на мужы, як на канаце, прагінаючыся да падлогі, стагнучы "не, ня трэба" на кожнай схопцы, і адразу, спахапіўшыся, "так, дзякуй, схопка, прыходзь". Уф, я так пачала разумець усіх, і тых, што просяць абязбольвальнае, і тых, што ідуць на кесарава. Такога болю я не чакала. Хацелася хутчэй тужыцца, але калі патугі прыйшлі, разам зь імі прыйшоў такі боль, што я думала, я ніколі сябе не прымушу тужыцца. Калі б ня муж, які шаптаў пра дзіцё, што чакае выхаду, я б так і спрабавала ператрываць тыя схопкі, абы мне не было яшчэ балючай. Калі б ня Н., мне здаецца, я б так і не вытужыла б дзіця. Муж пасьля казаў, што вельмі тады спужаўся, што я зьвяду ногі, зацісну дзіцё. Я нават не зразумела, як галоўка прарэзалася, нібыта Н. яе дастала зь мяне. А малеча, тулавам яшчэ ўва мне, закрычала. Божухна, мяне як працяла, вось тут я пачала тужыцца, не чакаючы схопак, прысьпешваючы іх. І зараз яшчэ застаецца пачуцьцё сораму, што я напачатку так тармазіла. Але нарадзіла. Малое выстрэліла зь мяне. Дзяўчынка! Такая вялікая, патлаценькая, з даўгімі пазногцікамі. 58 см, 3,740 кг. У мяне ні разрываў, нічога, толькі ссадзінкі. У ложку пасьля родаў ляжаць зусім не хацелася, хацелася адразу ўзьняцца і нешта рабіць. Роды працягнуліся, калі лічыць ад першых схопак, 33 гадзіны.
Самым складаным пасьля родаў былі размовы з сваякамі, бо мы нікому загадзя пра хатнія роды не казалі. Я скінула гэтую справу на мужа, яго ледзь не зацкавалі.
А дачурка ўсьміхаецца зь першага ж дню. Тата наш такі шчасьлівы, таньчыць з дачкой на руках. Ваду пасьля першага купаньня праз увесь горад перад сабою нёс, каб пад яблыньку ў садзе выліць

Праблемы былі з ГВ, напачатку мне малая нават засосы паставіла, бо губляла ўначы смочак, прыкладаньне ў нас не зусім правільнае было. Здаецца, выправілі. Учора праўда тэмпература скокнула амаль да 39, але папрыкладала малую кожную гадзіну да грудзей, то сёньня ўсё прайшло.
Спрабуем высаджвацца. З паліклінікай дзіцячай у нас вельмі файна складаецца пакуль, цётачка сама прапанавала прынесьці нам бланкі адмоваў ад прышчэпак, флюраграфіі мамы, візітаў штомесяцовых і нечага там яшчэ
Karkusha, так, мы ў Фаніпалі часова, але, як кажуць, няма нічога больш трывалага, чым часовае

мара мужа - перабрацца ў вёску ці на хутар, так што Фаніпаль - такі пераходны варыянт паміж вялікім горадам і вёскай. Але, мяркую,як мінімум, на бліжэйшы год мы тут завісьнем.
Гінэколяг мне вельмі спадабалася, праўда не ў працы, а ў размове. Яна прыйшла да нас і давай па-беларуску шпарыць, то мы прыемна зьдзівіліся. Яна, аказваецца, у медзе ў белмоўнай групе навучалася. На прыём папрасіла зайсьці, я зайшла, дык яна нават падзякавала