А мы нарэшце ў выходныя пераехалі ў нашу ўжо адрамантаваную і абстаўленую кватэрку!!!
Больш фотак глядзіце ў
фотаальбоме, а ў жж я ўчора напісала пра тое, з якім выбарам мы сутыкаліся падчас рамонту, што абіралі і ці не пашкадавалі. Скапіюю сюды:
Памятаю, калі я пачынала рамонт, мне было цікава, якіх памылак нарабілі людзі падчас свайго рамонту, каб самой на тыя ж граблі не наступіць. Відаць, цяпер варта самой падзяліцца, якія на нашым шляху былі дылемы, што мы абралі і ці не пашкадавалі пра гэта.
Рабіць ці не рабіць перапланіроўку - мы зрабілі і ні разу не пашкадавалі, нават калі падлічылі, у што нам гэта абышлося. Натуральна, рабіць перапланіроўку куды даражэй, чым адразу прыступаць да аддзелкі, і часу займае шмат, і беганіны, і паперак, але цяпер мы маем тэхпашпарт на двушку і неверагодна ўтульную планіровачку.
Рабіць перапланіроўку па законе з праектам ці пасля ўзаконьваць па рашэнні суда - я зрабіла па законе і не шкадую, бо цяпер пераносіць кухні нельга, я, лічы, ускочыла ў апошні вагон, а так бы праляцела, яшчэ б прымусілі вярнуць усё на свае месцы.
Пераносіць кухню ці дзяліць адзіны пакой перагародкай - такой дылемы нават не было, я разглядала толькі тыя варыянты, у якіх атрымліваліся два жылыя пакоі з вокнамі і кухня ў закутку - натуральна, я не пашкадавала ані разу, бо асобнай кухні мне пры такой плошчы дакладна не трэба, а вось асобная спальня 0 гэта клас!
Злучаць ці не злучаць санвузел - абажаю злучаныя санвузлы - усё пад рукой! Нязручнасцяў пакуль не заўважыла, адны плюсы!
Далучаць ці не далучаць лоджыю - вырашылі не далучаць, бо там у нас калона нясучая, рэальнай плошчы гэта б не дадало, толькі гемарой, як гэтую калону абыгрываць. Дый па законе гэта нельга, а ў мяне перапланіроўка цалкам узаконеная.
Рабіць вітальню і калідорчык да ванны ці пашырыць пакой за кошт гэтых памяшканняў - цешуся, што зрабіла вітальню і калідор, у выніку адмежавала брудную зону ад абедзеннай, дадалося гукаізаляцыі, і цяпер гэта адзінае месца, дзе зручна гушкаць малую на дзённы сон.
Гардэробная ці шафы - мы зрабілі невялічкую гардэробную, усяго 1*1,7 м, але па ўмяшчальнасці яна куды лепш, тым 2 шафы тае ж плошчы, тым самым мы разгрузілі іншыя пакоі ад грувасткай мэблі. Ёсць яшчэ шафа ў ванне і на лоджыі.
Рабіць рамонт самастойна, наймаць брыгаду альбо асобных спецыялістаў - мы нанялі брыгаду, яны ўсё рабілі якасна, але задоўга. У нас цяпер 2 гады гарантыйнага рамонту, а колькі мы з сябе знялі абавязкаў і адказнасці падчас рамонту! Сашку прасцей было зарабіць гэтыя грошы, седзячы на працы, а не лётаючы па будрынках.
Мяняць ці не мяняць уваходныя дзверы ад забудоўцы - яны былі даволі добрыя, мы да апошняга цягнулі, але ў -20 быў такі скразняк, што Саша настаяў - і мы такі замовілі новыя, правераныя. Але трэба было гэта рабіць яшчэ да чыставой аддзелкі, канешне, а то прыйшлося перакладваць ламінат і нанова рабіць адкосы.
Падвясны ўнітаз ці напольны - муж упіраўся да апошняга, пакуль я проста не вымаліла падвясны на 8 сакавіка - мне страшна падабаецца!
Дарагая сантэхніка ці танны кітай - унітаз і ракавіна ў нас Іспанія, ванна расейская чыгунная, а вось на кранах мы сэканомілі. У адным з іх зараз вельмі слабы напор, мы пакуль так і не разабраліся, у чым праблема. Прараб грашыў на кітайшчыну, але і касяк сантэхніка не выключаны. Таму эканоміць на сантэхніцы не раю.
Ламінат, паркет, паркетная ці масіўная дошка - абралі ламінат, натуральна, кампрамісны варыянт, але пакуль не шкадуем, вельмі падабаецца колер і малюнак.
Фарбаваныя сцены ці шпалеры пад пафарбоўку - вывелі сцены пад пафарбоўку і не шкадуем, хаця і дорага, і трэшчынкі ў некалькіх месцах з'явіліся. Праўда, Сашка лічыць, што гэта не практычна, але фарбу мы не калеравалі, заўжды можна падфарбаваць, калі нешта недзе заляпаецца і не адмыецца.
Кухня літарай Г, Д ці IL - варыянтаў планіроўкі кухні было мноства, ад яе і плясалі, але я спынілася на двухшараговай з загінам пад ТВ, так атрымалася найбольш месцаў для захавання рэчаў і кухоннага начыння. Тры ўбудаваныя калонны з тэхнікай (духоўка, посудамыйка, мікрахвалёўка, лядоўня, мыйка) і антрэсолі над імі - гэта была мая мара, і я яе ўвасобіла)))
Мыйка ў шафе ці стандартнае яе размяшчэнне - мыйка ў шафе - гэта быў кампраміс, але цяпер я гэта ўспрымаю выключна як бонус. Нязручнасцяў аніякіх, а ад вачэй усё схавана.
Каменная мыйка ці нержавейка - купіла нержавейку, сэканоміла і не шкадую, хаця лепш была б матавая, а не глянцавая, відаць, з боку практычнасці.
Кухня без ручак альбо з ручкамі - у нас тут не было выбару, трэба было абіраць фасады з ручкамі-профілямі ці з фрэзероўкай, бо ручка б заўжды калаціла аб сценку, не даючы адчыніцца дзверцы на 90 градусаў, а механізмы націскання не адчынілі б ПММ і лядоўню. Па шчырасці, фрэзераваныя ручкі не вельмі зручныя, адзін пазногаць я ўжо зламала, я б іх не раіла, калі ёсць тэхнічная магчымасць паставіць іншыя.
Драўляная сталешка ці пастформінг пад дрэва - мы выбралі дрэва, хаця Сашка кажа, што нацерпімся яшчэ з яго, але я не шкадую, пад адмысловым алеем яно сябе паводзіць проста цудоўна)
Ссоўныя ці распашныя дзверы - я настаяла на тым, каб у спальню і гардэроб зрабіць ссоўныя дзеры ў сцяну, бо ім не было куды адчыняцца, хаця яны крыху прайграюць распашным у гукаізаляцыі. У нас былі праблемы з усталёўкай дзвярэй, бо трэба было запаралеліць ўсталёўшчыкаў з нашым прарабам, выклікаць іх давялося разоў 5, таму адзінае, пра што я шкадую, што не даверыла ўсталёўку таксама прарабу, бо баялася страціць гарантыю на дзверы, але было б куды менш касякоў і нерваў, каб я наплявала на тую гарантыю.
Самаробная гардэробная, гатовыя сістэмы ці пад замову - мы штангі і паліцы зрабілі самі, пра што ні разу не пашкадавалі. Атрымалася куды танней, чым купляць гатовае і падганяць гэта пад наш мініяцюрны памер.
Сцены на лоджыі: цэгла ці фарба - шкадую, што не замовіла ў брыгады яшчэ і аддзелку лоджыі, думаем самі зрабіць імітацыю цаглянай кладкі, але калі тое будзе?
Гатовы ложак ці самаробны - мы зрабілі самі і ні разу не шкадуем, я яшчэ планавала самастойна рабіць ізгалоўе, але пакуль не вырашыла, якім яно будзе.
Быць ці не быць тэлевізару - мы яго не глядзім, але вырашылі прадугледзіць, каб было на чым фільмы і мульцікі глядзець.
Рабіць адразу дзіцячы пакой ці пажыць пакуль з паўнамоцнай спальняй - паколькі ў нас з Ульянкай сумесны сон, то мы вырашылі нават маленькі яе ложак не перавозіць, яна ў ім спаць ужо не будзе. А вось калі яна будзе гатова адсяліцца, тады мы пераедзем з ложкам у гасцёўню, а ёй зробім у спальні дзіцячы пакой з новай мэбляй. Таму там пакуль толькі ложак і ёсць, захламляцца не будзем. Думалі яшчэ камоду якую ці стол для ноўтбука, але паліц і шуфлядаў пакуль досыць, а ноўт стаіць на сталешцы, каб Уля асабліва не злоўжывала.
Шэрае, белае ці жоўтае пакрывала на ложак - адзінае, пра што шкадую, дык гэта пра шэрае пакрывала, якое набыла ў Ікеі і так да гэтай пары прадаць не магу. Для пакоя ў 9 квадратаў цёмнае пакрывала, якое займае палову пакоя, - гэта недазваляльная раскоша.
Рабіць нейтральную аснову, а каляровыя акцэнты дадаваць у дэталях ці адразу ў аддзелцы вызначацца з колеравай гамай - мы зрабілі нейтральную аснову, цяпер паціху ўводжу жоўты колер у дэталях, але так, каб яго лёгка можна было змяніць на іншы пад настрой.
Вядома, яшчэ было шмат ваганняў наконт канфігурацыі пліткі, выцяжкі, фільтраў, свяцільнікаў, крэслаў, фіранак і г.д. Але гэта ўжо пытанне дызайну і спалучальнасці, сімпатый і густаў.