Сёньня засялілі ў гуртажытак, або агульнягу, як яе называюць сябры. У лядоўні хрумкі (ежы) не было, таму мы абкашлялі (сур’ёзна абмеркавалі) гэтае пытаньне і рашылі ў першую чаргу разьвязаць гэты затык (складанасьць). Я апрануў кяпарык, мой сябра Віця — гняздо (вялікую зімовую шапку), і мы пайшлі па суседзях.
Першым пагонзалі (пайшлі) да Вадзіма. Ён хлопец сур’ёзны, такі пэтлах (мае даўгія валасы), піша дрысер (дысэртацыю), здае залікі самарукам (аўтаматам) і замест дрыскача (дыскатэкі) або дуплярняў (бардэляў) ходзіць у бляватцеку. Калі ён нас убачыў, то нарадзіў вожыка (вельмі зьдзівіўся) і пачаў мандзячыць кісьляк (распавядаць нецікава), што ўсё ўчора ноччу сам закішкаваў (змалаціў з галадухі). Ну, карацей, гаворыць хахламу (бязглуздзіцу).
Чмурэю ўшчэнт з гэтага Вадзіма!
Пайшлі мы тады ў “Хутка-жудка” (“Хутка-смачна”) і купілі хуткакашы (паўфабрыкату). І тут прыходзіць мне паведамленьне ад маёй бабеты (прывабная жанчына). Яна ў мяне вумэнджэра (бізнэс-вуман), але яшчэ не старая порхаўка (грыб, які дыміць). Кажа, каб я не маўчаў, а патэліў (патэлефанаваў) ёй як мага хутчэй, а то хутка сама прытрухае і зламае мне маю ПВА (плюшава-ватную абарону). Віця сьмяецца, што я ўклюпаўся (закахаўся) ў такую агрызу (сварлівага чалавека):
— Варушы зразумелкай! Ты ж у яе за паддосьледнага пацучка!
Але я ня згодны:
— Ды яна шкварная (вельмі добрая)! Мяне ад яе рэальна дрэнчыць (каўбасіць)!
— Проста ў цябе вісяк (падвешаны стан)! Вось ты і цягаешся зь ёю на розныя схаднякі батанаў (сумныя, нецікавыя вечарыны)!
Я ня стаў абвяргаць ягоныя кашлявыя (слабыя) назюкваньні (нагаворы), бо я сапраўды маю пачуцьці, а ня так як некаторыя растармэхі (неахайныя) — пагуляюцца і кідаюць. І за гэта мне абавязкова будзе рышпект.