у ХІХ стагоддзі слова "жыд" гучала звыкла разам з "маскалём" і ў беларускай, і ва ўкраінскай мове. Аднак цягам ХХ стагоддзя ва ўсходнеславянскіх мовах сфармавалася адназначная негатыўная семантыка слова "жыд" (дарэчы, разам з "маскалём"). Цяпер габрэі, якія жывуць ва Усходняй Еўропе, успрымаюць слова "жыд" выключна як абразу. У 1970-х гадах у падручніку ўкраінскай літаратуры, па якім я вучыўся ў львоўскай школе, у тэкстах "Кабзара" Шаўчэнка былі прапушчаныя радкі і цэлыя строфы са словам "жыд", замест іх стаяла шматкроп’е. З прыроднай цікаўнасці я ўзяў у бібліятэцы арыгінал і жахнуўся сваім адкрыццям. Настаўніца (прычым вельмі талковая) патлумачыла, што цяпер гэта абраза, але ў часы Шаўчэнкі так было прынята называць габрэяў, гэта было літаратурнае слова. Я гэта зразумеў тады і разумею цяпер. Але мне ад гэтага ні тады, ні цяпер не лягчэй.
Таму ўсё ж такі, да магчымай прыкрасці людзей, якія спрабуюць павярнуць гісторыю назад і падмяніць сучасную беларускую мову яе архаічнымі варыянтамі, ім давядзецца называць габрэяў габрэямі як мінімум у прысутнасці апошніх, а калі яны лічаць сябе культурнымі людзьмі – то і за вочы. Нават іранічнае "бульбашы" ў дачыненні да беларусаў і блізка не мае такой моцнай негатыўнай канатацыі, як "жыды" да габрэяў. І калі мы хочам у Еўропу, то з трох назваў этнасу ("яурэй", "габрэй" і "жыд") мусім выкарыстоўваць два нейтральныя, а старую назву з ХІХ стагоддзя пакінуць гісторыкам.