katia-ka, не пра банк.

За жыццё, што называецца. )
Мы па-рознаму ставімся да "тэмы".
Мяркуючы па рэакцыях, беларуская што для цябе , што для мяне ў сэнсе болю зона недзе аднолькавая. А вось у чым мы адрозніваемся, дык у тым, што для цябе гэта мажлівасць новых кантактаў, новых сяброў, новых мажлівасцяў і г.д.
Для мяне - каштоўнасць сама па сабе. Якая асабіста мне не дае ніякіх плюсаў, каб не сказаць наадварот.

Практычных, маю на ўвазе. Выключна ўнутраную асалоду і здавальненне, што гэты здабытак са мной. Штодня. Я не маю патрэбы ў новых кантактах і падобным. Дакладней маю яе не большую, чым любы расейскамоўны. Маё асяроддзе цалкам расейскамоўнае. І збольшага мне непрынцыповая іхная мова. Яна не ёсць нейкай лакмусавай паперкай ці крытэрам цікавасці/нецікавасці, блізкасці/далёкасці для мяне людзей, падзей, чагосьці яшчэ.
Адзінае, чаго я прашу - гэта разумення. Ад сяброў, найбліжэйшага атачэння і проста тых, з кім камунікую. Каб яны мяне пад расейшчыну не ламалі.
То бок сама я цікаўлюся калі не ўсім, то многім, што беларускасці тычыцца, але не вымушаю/не заклікаю людзей ісці за мной, дый сама, каб вось прам уключалася толькі на беларускае і шукала белмоўнай кампаніі – не.
Момант, калі я адчувала вострую патрэбу менавіта ў белмоўнай тусоўцы, хоць якой, але белмоўнай, у мяне прайшоў. Ён быў таму толькі, што мне трэба было з чагосьці пачынаць. Бо на старце ў мяне меўся нуль, амаль абсалютны. Што ў ведах, што ў разуменні, што такая форма жыцця ёсць у прынцыпе, што ў тым, якая яна, бел. мова.
Плыні беларускасці, у якія патрапіла ты ці іншыя твае дый, як аказалася, месцамі і мае равеснікі, прайшлі міма мяне. Мне складана сказаць – чаму. Мо я не цікавілася, а можа, і што хутчэй, я не мела мажлівасці нават блізка з гэтым сутыкнуцца?
Тусоўкі існавалі, відаць. Такія свае, закрытыя, ну як у фейсбуку цяпер

, і нават нейкае жыццё там было, як я ўжо пазней зразумела, толькі мяне гэта ніяк не закранала, я слыхам не чула. Складана цікавіцца тым, пра існаванне чаго нават не падазраеш.
Дарэчы людзі, якія дазволілі мне дакрануцца да беларускасці, пазнаёміліся са мной расейскамоўнай. І зусім не ў белмоўнай тусоўцы.
А нейкім унутраным зменам у сваю чаргу, якія зрабілі тое, што зрабілі, а менавіта дазволілі ўпусціь у сябе новую форму жыцця, я абавязаная не толькі белмоўным людзям.
Таму сёння я проста нясу ў сабе гэтую каштоўнасць. І гатовая ёй дзяліцца. Не толькі “са сваімі”. З тымі, хто здольны пачуць, але не мае часам такой мажлівасці. У транспарце, на пошце, у краме. Паўсюль, дзе магу. Дзе хапае ведаў, валодання мовай і проста смеласці часам. А таксама спрабую даць зразумець тым, ад якіх наўпрост залежыць патрымка мовы ці яе адсутнасць, што мы ёсць. Рэальныя, а не толькі ў фейсбуку. Я нічога не патрабую, не крычу і не бегаю з транспарантамі, я проста нагадваю, што такая форма жыцця ёсць, што яна не атавізм, не дэвайс настаўнікаў і бнфаўцаў, а цалкам сабе штодзённая звычайная рэч.
І калі хоць адзін расейкамоўны чалавек мяне пачуе, я лічу, што мой здабытак пабольшаў.) Апроч таго, я імкнуся дасканаліцца. Каб мая мова вабіла, а не выклікала кучу пытанняў, заўваг і выпраўлення памылак. Цікавасць мая скіраваная больш сюды, чым на выгады, якія мова мне можа даць.
Прашу прабачэння ў аўдыторыі за шмат літар і за занадтую колькасць асабістага. Проста раз ужо такая размова зайшла…ну і каб болей да гэтай тэмы не вяртацца.